ВЕРХНЯВО́ЛЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняга неаліту, якія ў сярэдзіне 5-га — апошняй чвэрці 4-га тыс. да н.э. жылі ў Волга-Окскім міжрэччы. Назва ад месца адкрыцця культуры ў вярхоўях р. Волга. Насельніцтва жыло на стаянках па берагах рэк і азёр у буданападобных жытлах, займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Вырабляла гаршкі з вострым і закругленым, кубкі — з пляскатым донцам. Знойдзены гліняныя дыскі, на адным з якіх выява галавы аленя. Шэрагам рысаў кераміка Верхняволжскай культуры блізкая да найб. ранняга посуду бабінавіцкага тыпу помнікаў (Віцебшчына), помнікаў у вярхоўях Друці і на З Смаленшчыны. Магчыма, была асновай узнікнення льялаўскай культуры.
т. 4, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)